ДЫЯЛЕ́КТНЫ СЛО́ЎНІК, абласны слоўнік,
жанр рознатыповых лінгвістычных даведнікаў, у якіх падаецца мясц. лексіка абмежаванага тэрытарыяльнага пашырэння. Паводле прынцыпаў адбору рэестравай лексікі Д.с. падзяляюцца на: поўныя (сістэмныя),
якія апісваюць усю без выключэння лексіку пэўнай гаворкі; дыферэнцыяльныя (гл. ў арт. Дыферэнцыяльны слоўнік); зводныя (агульныя), што змяшчаюць дыялектную лексіку розных рэгіёнаў ці розных гаворак пэўнай нац. мовы (напр., «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча», т. 1—5, 1979—86; «Беларускае дыялектнае слова» Л.Ф.Шаталавай, 1975, і інш.; своеасаблівая разнавіднасць зводнага Д.с. — дыялекталагічны атлас); рэгіянальныя (абласныя, краёвыя), што падаюць мясцовыя словы пэўнай гаворкі, групы гаворак ці пэўнага рэгіёна, якімі гэтыя гаворкі адрозніваюцца ад інш. бел. гаворак [напр., «Віцебскі краёвы слоўнік» М.І.Каспяровіча, 1927, «Краёвы слоўнік Лагойшчыны» А.Варлыгі, 1970, «Тураўскі слоўнік», т. 1—5, 1982—87, і інш.]. Паводле характару рэестравых адзінак адрозніваюць Д.с.: мясцовай лексікі (большасць бел. Д.с.); народна-дыялектнай фразеалогіі («Слоўнік беларускай народнай фразеалогіі», Е.С.Мяцельскай і Я.М.Камароўскага, 1972; гл. таксама ў арт. Фразеалагічны слоўнік); парэміялагічныя («Беларускія народныя прыказкі і прымаўкі» Ф.М.Янкоўскага, 1957, «Паслухай, што людзі кажуць» В.І.Рабкевіча, 1985, і інш.); анамастычныя (напр., «Мікратапанімічныя назвы» Я.М.Адамовіча, 1971); словаўтваральныя (напр., «Народная лексіка і словаўтварэнне» П.У.Сцяцко, 1972, «Народнае вытворнае слова: 3 гаворкі Мсціслаўшчыны» Г.Ф.Юрчанкі, вып. 1—3, 1981—85). У залежнасці ад прынцыпаў семантызацыі выкарыстаных рэестравых слоў вылучаюцца Д.с.: тлумачальныя (большасць бел. Д.с.), перакладныя (напр., «Слоўнік беларускай мовы» І.І.Насовіча, факс. выд., 1983), сінанімічныя (напр., «Народная сінаніміка» Юрчанкі, 1969), тэматычныя (напр., «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак», т. 1. Раслінны і жывёльны свет, 1993). Большасць бел. Д.с. складаліся на матэрыяле палявых запісаў дыялектных слоў, але існуюць і такія, лексіка якіх адбіралася з літ. крыніц: «Дыялектызмы ў творах беларускіх савецкіх пісьменнікаў: Кароткі слоўнік-даведнік» М.В.Абабуркі (1979), і інш.
Літ.:
Крывіцкі А.А. Сучасная беларуская дыялектная лексікаграфія: Стан і перспектывы // Македонски jазик. 1980. Т. 31.
В.К.Шчэрбін.
т. 6, с. 310